Гісторыя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава
Дзяржаўная ўстанова “Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя. М.М. Аляксандрава” з'яўляецца правапераемнікам створанага Пастановай Савета Міністраў БССР “Аб узмацненні навуковых даследаванняў па раку” ад 25 мая 1959 г. Беларускага навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі (Бел НДІ АМР).
Заснавальнікам новай анкалагічнай ўстановы стаў Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў – выбітны хірург, навуковец і арганізатар медыцынскай навукі.
Аляксандраў
Мікалай Мікалаевіч
Доктар медыцынскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт АМН СССР.
Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Старшыня Беларускага рэспубліканскага навуковага таварыства анколагаў, член праўленняў Усесаюзных навуковых таварыстваў анколагаў, рэнтгенолагаў і радыёлагаў, член навуковага савета па праблеме “Злаякасныя наваўтварэнні” пры прэзідыуме АМН СССР. Герой Сацыялістычнай Працы (1977).
Сваім вопытам па арганізацыі анкалагічнай дапамогі ў Беларусі Мікалай Мікалаевіч дзяліўся на розных рэспубліканскіх медыцынскіх форумах, на пасяджэннях, якія праводзіліся з удзелам сацыялістычных краін, у перыяд камандзіровак у ЗША, ГДР, Аўстрыю, Швейцарыю, Нідэрланды.
З 1974 года ён з'яўляўся экспертам СААЗ па пытаннях міжнароднай кааперацыі супрацьракавых даследаванняў. Гэты вопыт работы знайшоў адлюстраванне ў манаграфіі 1980 года "Супрацьракавая барацьба ў краінах-сябрах СЭУ”, у напісанні якой Мікалай Мікалаевіч прымаў удзел.
~ 1960 ~
Днём нараджэння Бел НДІ АМР лічыцца 3 верасня I960 г. -- дзень, калі быў падпісаны першы загад па Інстытуту яго першым дырэктарам. Заснавальнік Інстытута М.М. Аляксандраў узначальваў яго на працягу 21 года, зрабіўшы адным з перадавых анкалагічных інстытутаў як у краіне, так і далёка за яе межамі. За гэтыя гады была створана ўнікальная навуковая школа, зроблены шматлікія вынаходкі, дасягнуты бясспрэчныя поспехі ў вырашэнні праблем, пастаўленых перад НДІ АМР -- будаўніцтва інстытута, арганізацыя спецыялізаванай анкалагічнай дапамогі насельніцтву рэспублікі, распрацоўка мэтавага праграмнага планавання навуковых даследаванняў, стварэнне новых, высокаэфектыўных метадаў дыягностыкі і лячэння анкалагічных хворых.
Адкрыццё Цэнтра стала імпульсам і важнай вехай у развіцці анкалагічнай навукі і клінічнай анкалогіі ў Беларусі. Першапачаткова новаму інстытуту былі выдзелены некалькі памяшканняў у былым Рэспубліканскім анкалагічным дыспансеры і хірургічным стацыянары першай клінічнай бальніцы Мінска.
Першыя супрацоўнікі інстытута, 1961 г. г.
Адной з галоўных заслуг М.М. Аляксандрава ў станаўленні і развіцці новага інстытута стаў выбар навуковых кіраўнікоў. Імі сталі: Т.Т. Паддубная, Т.А. Панцюшэнка Л.С.Сукаватых, Г.Д.Голуб, Л.Я. Шустэр, Е.В.Трушнікава, І.Г. Жакаў, Р.А. Берлаў, З.М. Гутман, С.З.Фрадкін, Б.Д.Шыцікаў, І. П.Сержанін, В.К.Кухта, А.В. Ваккер.
~ 1962 ~
Планаванне і правядзенне навуковых даследаванняў пачалося з 1962 года. Арыгінальныя аперацыі на наднырачніках пры позніх стадыях рака малочнай залозы (М.М. Аляксандраў, Т.А. Панцюшенка), новыя камбінаваныя метады лячэння, якія спалучаюць хірургічныя ўмяшанні з прамянёвымi ўздзеяннямі (выкарыстанне радыеактыўнага калоіднага золата) пры лячэнні хворых пухлінамі страўніка, лёгкіх, тоўстага кішэчніка (Л.С. Сукаватых), глыбокае вывучэнне гіпертэрміі як лячэбнага фактару ў анкалогіі — усё гэта падымала аўтарытэт маладой беларускай школы анколагаў, па сутнасці створанай М. М. Аляксандравым.
~ 1965 ~
Заканчэнне ў 1965 годзе будаўніцтва першай чаргі новага інстытута, у якім была разгорнута клініка на 450 ложкаў, дазволіла ўвесці спецыялізацыю клінічных аддзяленняў і сфарміраваць навуковыя аддзелы.
У інстытуце сталі прымяняцца ўсе віды лячэння пухлін: хірургія, прамянёвая тэрапія, хіміятэрапія. У хірургічнай практыцы былі закладзеныя асновы абдамінальнай (Л.С. Сукаватых, Г.В. Ягорава) і таракальнай (І.А. Галубовіч, Л.С. Яскевіч) хірургіі.
Ствараецца айчынная школа анкамамалогіі (Т.Т. Паддубная, Т.А. Панцюшэнка), анкагінеколагаў (Е.В Трушнікава, А.Е. Вішнеўская), урачоў анкалорпаталогіі (А.В. Ваккер) і прамянёвых тэрапеўтаў (І.Г. Жакаў , Г.В. Мураўская). У аддзеле эксперыментальнай і клінічнай хіміятэрапіі распачата вывучэнне новых супрацьпухлінных прэпаратаў і розных схем лячэння (І.П. Сержанін).
У 60-70-х гадах арганізуюцца шматпрофільныя клініка-біяхімічная і гарманальная лабараторыі (В.К. Кухта, Я.Ф. Канопля, В.І. Прохарава) і лабараторыя радыеізатопнай дыягностыкі з блокам адкрытых ізатопаў (Б.Д. Шыцікаў, А .Б. Сініцын).
Работа рэнтгенадыягнастычнай службы (Г.Д. Голуб) забяспечвае падрыхтоўку нацыянальных кадраў па дыягностыцы анкапаталогіі. Ствараецца служба анкамарфалогіі (Р.А. Берлаў, Г.М. Мураўёў, А.В. Фурманчук).
У інстытуце адкрываецца цэнтр клінічнай цыталогіі (Л.Б. Клюкіна), які забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў для ўсяго рэгіёну. Выкарыстоўваецца комплексны падыход з прымяненнем метадаў цыталогіі, гісталогіі, гістахіміі, марфаметрыі.
Калектыў анкалагічнага цэнтра (урачэбная канферэнцыя 1966 г.)
~ 1974 ~
У 1974 годзе НДІ АМР атрымаў статус установы першай катэгорыі, стаў адным з найбуйнейшых анкалагічных цэнтраў краіны, а па некаторых праблемах -- галаўным ў Савецкім Саюзе. У 1977 і 1978 гг. па выніках Усесаюзнага агляду навукова-даследчых устаноў інстытут узнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам Міністэрства аховы здароўя СССР і ЦК прафсаюза медыцынскіх работнікаў, а першаму дырэктару інстытута М.М. Аляксандраву ў 1977 г. прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай працы.
~ 1976 ~
Вялікую ролю ў забеспячэнні кантролю за станам анкалагічнай дапамогі насельніцтву, дзейнасцю анкалагічных устаноў і эфектыўнасцю праводзімых супрацьракавых мерапрыемстваў адыграла распрацаваная ў інстытуце ў 70-х гадах аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі інфармацыі (Л.Я. Шустэр, З.М. Гутман, А.Е. Акіянаў ). Міністэрства аховы здароўя СССР спецыяльным загадам ад 3 снежня 1976 года рэкамендавала ўкараніць аўтаматызаваную сістэму ў практыку работы анкалагічных устаноў усіх рэспублік краіны.
~ 1977 ~
У 1977 г. НДІ АМР адным з першых сярод навукова-даследчых устаноў рэспублікі перайшоў на праграмна-мэтавае планаванне даследаванняў па “Праблеме “анкалогія” з шырокім прыцягненнем да работы навукоўцаў акадэмічных структур і навуковых устаноў іншых ведамстваў рэспублікі і Саюза. Для каардынацыі работ па гэтай найважнейшай праблеме быў створаны Міжведамасны каардынацыйны савет пад старшынствам М.М. Аляксандрава, а інстытут анкалогіі вызначаны як вядучая ўстанова.
Канец 70-х - пачатак 80-х гадоў характарызаваліся ростам аўтарытэту інстытута ў міжнароднай анкалагічнай супольнасці. Пры актыўным удзеле М.М. Аляксандрава была распрацавана праграма сумесных даследаванняў з краінамі сацыялістычнай садружнасці і анколагамі ЗША па стварэнні спецыялізаванай анкалагічнай службы.
Вынікам гэтых сумесных даследаванняў з'явілася манаграфія “Супрацьракавая барацьба ў краінах-сябрах СЭУ”, выдадзеная на рускай і англійскай мовах.
На прыёме ў Прэзідэнта ЗША Р. Ніксана (1978 г.)
Супрацоўнікі інстытута неаднаразова выступалі з навуковымі дакладамі на шматлікіх форумах як на тэрыторыі СССР, так і за мяжой. Паказчыкам прафесіяналізму калектыву стала бліскучае правядзенне ў 1977 годзе ў Мінску III Усесаюзнай канферэнцыі па хіміятэрапіі злаякасных новаўтварэнняў і каардынацыйнай нарады Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па ўліку і справаздачнасці па анкалагічнай захворвальнасці ў 1978 г.
За дасягнутыя поспехі ў навуковай, лячэбнай, арганізацыйна-метадычнай і кансультацыйнай рабоце інстытут неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Міністэрствам аховы здароўя СССР і Міністэрствам аховы здароўя БССР, дыпломамі і медалямі ВДНГ СССР.
~ 1982 ~
Асноватворныя традыцыі інстытута, закладзеныя М.М. Аляксандравым, працягвалі паспяхова развівацца пры яго пераемніках. З 1982 года дырэктарамі РНПЦ АМР імя М.М. Аляксандрава былі Ігар Рыгоравіч Жакаў (1982-1990 гг.), Яўген Аляксандравіч Караткевіч (1991-2000 гг.), Іосіф Віктаравіч Залуцкі (2000-2009 гг.), Аркадзь Іванавіч Ларыёнаў (2009-2010 гг.), Алег Рыгоравіч Суконка (2010-2020 гг.), Палякоў Сяргей Львовіч (люты 2020 па сённяшні дзень)
~ 1983 ~
У 1983 годзе было скончана будаўніцтва новага корпуса інстытута. Гэта дазволіла пашырыць клініку да 900 ложкаў і стварыць магчымасці для далейшай яе спецыялізацыі. У структуру інстытута былі ўключаны аддзяленні дзіцячай анкалогіі, інтэнсіўнай тэрапіі, анкаўралогіі, кантактнай прамянёвай тэрапіі.
~ 1986 ~
У 1986 году інстытут прымаў актыўны ўдзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Была дадзена ацэнка радыяцыйнай абстаноўцы ў найбольш пацярпелых раёнах рэспублікі.
Праведзены радыелагічны кантроль тысяч людзей, многія з якіх прайшлі абследаванне i лячэнне ў клінічных аддзяленнях інстытута. Для вывучэння наступстваў аварыі на храмасомным узроўні была арганізавана лабараторыя цытагенетыкі (С.А. Пятрова, Т.М.Кудзіна). Шэраг супрацоўнікаў інстытута (І.Г. Жакаў, І.Р. Таруцін, М.К. Брэкешаў) былі ўдастоены ўрадавых узнагарод.
Працягвалі выконвацца даследаванні па асноўных напрамках: прафілактыка, дыягностыка і лячэнне анкалагічных захворванняў. Інтэнсіўнымі метадамі стваралася сістэма крытэрыяў рэтраспектыўнага прагнозу клінічнага цячэння анкалагічных захворванняў (В.У. Жаркоў).
Распрацоўка арыгінальных метадаў прамянёвай тэрапіі і матэматычных праграм апраменьвання, у тым ліку пры выкарыстанні медыцынскіх паскаральнікаў новых пакаленняў, стварэнне антыаксідантнага комплексу -- нетаксічнага мадыфікатара хіміяпрамянёвых рэакцый дазволілі істотна павысіць ролю прамянёвага і хіміятэрапеўтычнага ўздзеяння ў лячэнні анкалагічных хворых.
За цыкл работ “Рашэнне праблемы павышэння эфектыўнасці лячэння анкалагічных хворых шляхам распрацоўкі і ўкаранення ў клінічную практыку новых спосабаў прамянёвай тэрапіі” супрацоўнікам інстытута А.Е. Вішнеўскай, І.Г. Таруціну, Н.І. Круцілінай, В.М. Сукалінскаму, Т.С. Марозкінай, Г.В. Мураўскай была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь.
~ 1988 ~
У 1988 г. за цыкл работ "Распрацоўка і ўкараненне ў практыку метадаў лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі” група спецыялістаў інстытута была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі БССР -- М.М. Аляксандраў, С.З. Фрадкін, Э.А. Жаўрыд, І.Г. Жакаў, У.І. Бязручка, Ю.П. Істомін, І.І. Маліноўскі, Т.В. Ходзіна, Н.Е. Саўчанка.
Традыцыйным для інстытута, пачынаючы з дня яго арганізацыі, з'яўляўся кірунак даследаванняў, звязаны з распрацоўкай навуковых асноў арганізацыі супрацьракавай барацьбы і прафілактыкі злаякасных пухлін.
Шматгадовая работа адной з першых у СССР рухомай станцыі ранняй дыягностыкі і прафілактыкі раку дазволіла распрацаваць асноўныя прынцыпы павышэнне эфектыўнасці анкалагічнага кампанента масавых прафілактычных аглядаў (Я.Я. Скобля, В.Я. Жукаў).
~ 1990 ~
У 90-я гады атрымалі далейшае развіццё новыя навуковыя і практычныя напрамкі: кантактная прамянёвая тэрапія, дзіцячая анкалогія, анкаўралогія, медыцынская рэабілітацыя хворых, інтэнсіўная хіміётэрапія, нейраанкалогія.
Вынікі клінічнага выпрабавання айчыннага фотасенсібілізатара хларына е6 (Э.А. Жаўрыд, Ю.П. Істомін) заклалі падмурак для далейшага прымянення метаду фотадынамічнай тэрапіі і дыягностыкі ў анкалогіі.
Інстытут стаў лідарам у былым Савецкім Саюзе ў распрацоўцы праблемы пластычнай і рэканструктыўнай хірургіі ў анкалогіі. Пачатковы этап пластычнай хірургіі ў айчыннай анкалогіі, які адносіцца яшчэ да 60-70 гадоў мінулага стагоддзя (М.І. Кавалёў, Н.А. Цішчанка), быў з поспехам працягнуты праз два дзесяцігоддзі, у тым ліку за кошт укаранення метадаў мікрахірургіі (І. В. Залуцкі).
У 1992 годзе пры інстытуце арганізаваны савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па анкалогіі, прамянёвай дыягностыцы і прамянёвай тэрапіі.
Прыярытэтным напрамкам работы анкаўралагічнага аддзялення ў 90-я гады з'яўлялася вывучэнне новых метадаў інтэнсіўнага лячэння хворых на рак ныркі, уключаючы прагназаванне вынікаў лячэння. Упершыню распрацаваная методыка спалучанага ўздзеяння прамянёвай тэрапіі і эмбалізацыі нырачных сасудаў у перадаперацыйным перыядзе, а таксама прымяненне агульнай гіпертэрміі і гіперглікеміі ў спалучэнні з хіміятэрапіяй дазволілі істотна павысіць эфектыўнасць лячэння (А.Р. Суконка, А.С. Маўрычаў, С.А. Красны, С.Л. Палякоў).
Названыя падыходы не мелі замежных аналагаў!
У наступныя гады дасягненнямі анкаўралогіі стала ўкараненне ў практыку эндаскапічных трансурэтральных і лапараскапічных аперацый, радыкальных простаэктамій і цыстэктамій з захаваннем нервовых спляценняў таза, пластычных аперацый па фарміраванні новага мачавога пузыра з кішачніка, аперацый з выкарыстаннем хірургічнага лазера і інш.
Эфектыўнае выкарыстанне новых тэхналогій прывяло да стварэння ў інстытуце першай айчыннай аўтаматызаванай сістэмы навуковай інфармацыі ў галіне анкалогіі. У 1996 годзе створаны тэлекамунікацыйны вузел, на базе якога паспяхова развівалася медыцынская навукова-інфармацыйная сетка Міністэрства аховы здароўя Беларусі, якая аб'ядноўвае больш за 50 медыцынскіх арганізацый (У.Я. Кратянок, В.М. Нозік).
~ 1997 ~
У 1997 г. анкалагічнаму цэнтру было прысвоена імя яго стваральніка, а ў 2010 годзе ў жылым пасёлку “Зялёны Бор” Мінскага раёна імем М.М. Аляксандрава названа галоўная вуліца.
~ 2001 ~
У маі 2001 года інстытут наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Візіт Прэзідэнта надаў новы імпульс працэсу матэрыяльна-тэхнічнага перааснашчэння інстытута і інтэнсіфікацыі навуковых даследаванняў.
У гэты перыяд уведзены ў строй новыя (корпус для патамарфалагічнай і лабараторных службаў) і мадэрнізаваныя старыя корпусы інстытута.
Набыта і выкарыстоўваецца самае сучаснае дыягнастычнае і лячэбнае абсталяванне, у тым ліку комплекс для правядзення мегавольтнай прамянёвай тэрапіі. Завершаны рэканструкцыя і капітальны рамонт аперацыйна-рэанімацыйнага корпуса з поўным перааснашчэннем аперацыйных залаў і рэанімацыйных палат.
Прадугледжаны відэаасіставаныя аперацыйныя, якія дазваляюць укараняць высокатэхналагічныя медыцынскія ўмяшанні. Разам з пашыранымі і камбінаванымі аперацыямі ў практыку клінічных даследаванняў укараняюцца малаінвазіўныя рэнтгенахірургічныя і відэаскапічныя аператыўныя ўмяшанні.
У галіне прамянёвай тэрапіі навуковыя даследаванні сканцэнтраваны ў першую чаргу на забеспячэнні гарантый якасці гэтага віду лячэння, яго індывідуалізацыі, падвядзенні максімальнай дозы апрамянення да пухліны пры мінімальным пашкоджанні здаровых тканак. Планаванне лячэння праводзіцца з прымяненнем трохмернага малюнка. Укаранёны новыя метады стэрэатаксічнай прамянёвай тэрапіі, брахі- і эндаваскулярнай тэрапіі.
Навуковая дзейнасць у галіне хіміятэрапіі пухлін сканцэнтравана на распрацоўцы і ўкараненні ў клінічную практыку новых рэжымаў лячэння анкалагічных захворванняў, пошуку малекулярна-біяхімічных маркераў прагназавання эфектыўнасці проціпухліннай тэрапіі, распрацоўцы нацыянальных стандартаў хіміятэрапеўтычнага лячэння злаякасных новаўтварэнняў і інш.
Група супрацоўнікаў у галіне эпідэміялогіі рака паслядоўна займаецца маніторынгам і прагназаваннем захворвання на злаякасныя пухліны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, а таксама вывучэннем анкалагічнага кампанента наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
~ 2004 ~
У маі 2004 г. на базе НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава быў праведзены III з'езд анколагаў і радыёлагаў краін СНД, які пацвердзіў запатрабаванасць дасягненняў беларускіх вучоных-анколагаў за мяжой.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ад 6 ліпеня 2005 г. анкалогія ўключана ў структуру прыярытэтных напрамкаў навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2006-2010 гг.
~ 2007 ~
У снежні 2007 г. інстытут быў перайменаваны ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі (РНПЦ АМР) імя М.М. Аляксандрава. За значны навукова-практычны ўклад у развіццё айчыннай анкалогіі, распрацоўку і ўкараненне медыцынскіх тэхналогій і метадаў дыягностыкі і лячэння пухлінных захворванняў, падрыхтоўку кваліфікаваных медыцынскіх кадраў у чэрвені 2008 года РНПЦ АМР імя М.М. Аляксандрава быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
~ 2010 ~
У 2010 г. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя РБ ім. М.М. Аляксандрава адзначыў свой 50-гадовы юбілей.
За гэтыя гады пройдзены велізарны шлях ад некалькіх памяшканняў у былым Рэспубліканскім анкалагічным дыспансеры да велізарнага комплексу клінічных, эксперыментальных і вытворчых карпусоў з жылым пасёлкам для супрацоўнікаў Цэнтра.
~ 2011 ~
Калектыў анкалагічнага цэнтра (2011 г.)
~ 2017 ~
У цяперашні час Цэнтр з'яўляецца навукова-лячэбна-вучэбным комплексам. У яго структуру ўваходзяць 42 лячэбна-дыягнастычных аддзяленні, аддзел пазабюджэтнай дзейнасці і навуковы сектар, які складаецца з 3 аддзелаў і 6 лабараторый. У Цэнтры працуюць 1948 супрацоўнікаў, з іх 412 урачоў, у тым ліку 19 дактароў і 77 кандыдатаў медыцынскіх і біялагічных навук, 11 прафесараў, 10 дацэнтаў, 1 член-карэспандэнт НАН Беларусі, 163 урачы маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі праводзіцца па спецыяльнасцях 14.01.12 -- анкалогія і 14.01.13 -- прамянёвая дыягностыка, прамянёвая тэрапія ў аспірантуры і дактарантуры.
Цэнтрам атрыманы спецыяльны дазвол (ліцэнзія) Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 02100/565 на права ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці.
Цэнтр з'яўляецца самай буйной даследчай медыцынскай установай Рэспублікі Беларусь.
Навуковая дзейнасць:
- арганізацыя супрацьракавай барацьбы, вывучэнне эпідэміялогіі і прафілактыка рака;
- распрацоўка праграм скрынінга і новых тэхналогій дыягностыкі злаякасных пухлін;
- распрацоўка новых тэхналогій лячэння пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі;
- распрацоўка новых тэхналогій рэабілітацыі і паляпшэння якасці жыцця анкалагічных пацыентаў;
- удасканаленне медыка-тэхнічнай базы анкалагічнай службы краіны.
Па выніках даследаванняў штогод у Цэнтры публікуецца каля 200 навуковых работ, выдаецца "Анкалагічны часопіс", заснавальнікам якога з'яўляецца ГА "Беларускае таварыства анколагаў”
На базе Цэнтра працуюць кафедра анкалогіі БелМАПА і Савет па абароне дысертацый па спецыяльнасцях "анкалогія", "прамянёвая дыягностыка", "прамянёвая тэрапія".
Медыцынскія паслугі:
РНПЦ АМР прадастаўляе ўвесь спектр медыцынскіх паслуг па дыягностыцы і лячэнню анкалагічных захворванняў па наступных асноўных напрамках: анкагінекалогія, анкаўралагічная паталогія, пухліны галавы і шыі, анкамамалогія, нейраанкалогія і верцебралогія, пухліны страўнікава-кішэчнага тракта і зоны печані, жоўцевых праток і падстраўнікавай залозы, пухліны грудной поласці. Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі абсталявана сучаснай апаратурай сачэння і жыццезабеспячэння.
- Спецыялісты Цэнтра валодаюць найбольш эфектыўнымі ў сусветнай практыцы метадамі хірургічнага, прамянёвага, хіміятэрапеўтычнага лячэння ўсіх форм і лакалізацый злаякасных пухлін.
- Шырока прымяняюцца відэаасіставаныя, пластычныя, рэканструктыўныя, арганазахавальныя і сімультанныя аперацыі. Практычна цалкам выключана накіраванне пацыентаў анкалагічнага профілю для лячэння і абследавання за мяжу.
- У Цэнтры распрацаваны і прымяняюцца ўнікальныя метады дыягностыкі і лячэння з выкарыстаннем арыгінальных беларускіх прэпаратаў (5-аміналевулінавая кіслата, фаталон), якія не маюць аналагаў у краінах СНД і ў свеце, такія як: агульная гіпертэрмія распаўсюджаных формаў анказахворванняў, фотадынамічная тэрапія перадракавых захворванняў жаночай палавой сферы.
- У Цэнтры наладжана сістэма аказання медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах (хіміятэрапія, хірургія і прамянёвая тэрапія).
У мэтах павышэння ўзроўню даступнасці спецыялізаванай кансультацыйнай дапамогі, паляпшэння ўмоў абслугоўвання пацыентаў, павелічэння аб'ёмаў стацыянарзамяшчальных тэхналогій 28.12.2016 года адбылося адкрыццё зноў пабудаванай кансультатыўнай паліклінік, разлічанай на 800 наведванняў у дзень і аснашчанай сучасным абсталяваннем.
Значна пашырыліся магчымасці правядзення лекавай тэрапіі, для чаго створана аддзяленне амбулаторнай хіміятэрапіі на 25 ложкаў з камфортнымі двух- і трохмеснымі палатамі.
З увядзеннем аддзялення малаінвазіўнай хірургіі значна пашырыўся спектр выконваемых дыягнастычных і хірургічных умяшанняў ў амбулаторных умовах на трох аперацыйных сталах.
Дыягнастычныя службы Цэнтра аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое дазваляе у кароткія тэрміны ўстанавіць дыягназ у самых складаных выпадках.
Лабараторная дыягностыка
Увесь спектр біяхімічных, клінічных, марфалагічных, імунагістахімічных, малекулярна-генетычных даследаванняў, даследаванне пухлінных маркераў, спадчыннага раку малочнай залозы, яечнікаў, тоўстай кішкі.
Прамянёвая дыягностыка: поўны спектр стандартных рэнтгеналагічных даследаванняў, камп’ютарная тамаграфія, магнітна-рэзанансная тамаграфія, лічбавая мамаграфія, ангіяграфічныя даследаванні, ультрагукавыя даследаванні, радыеізатопныя даследаванні, пазітронна-эмісійная тамаграфія.
Эндаскапічныя даследаванні: гастрадуадэнаскапія, калонаскапія, бронхаскапія, цыстаскапія, лапараскапія, медыясцінаскапія, таракаскапія, кальпаскапія.
Увядзенне ў 2015 годзе ў строй новых дыягнастычных падраздзяленняў (Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенеза і цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі) вывела дыягностыку пухлін, маніторынг і індывідуалізацыю хіміятэрапіі злаякасных новаўтварэнняў на якасна новы, эканамічна абгрунтаваны ўзровень; дазволіла арганізаваць на іх базе правядзенне самых сучасных фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў; забяспечыла персаніфікацыю лячэбнай стратэгіі.
Малекулярнае прафіляванне пухлін (стварэнне генетычнага “партрэта”) прадугледжвае вызначэнне генетычных парушэнняў, характэрных для кожнай канкрэтнай пухліны, з мэтай прагназавання цячэння анкалагічнага працэсу і выбару індывідуальных схем сістэмнага проціпухліннага лячэння. Вызначэнне малекулярных біямаркераў адчувальнасці і таксічнасці дазваляе найбольш эфектыўна падыходзіць да падбору схем лячэння пацыентаў з улікам індывідуальных асаблівасцяў арганізма і пухлінага працэсу.
У цяперашні час лячэнне і ацэнка яго эфектыўнасці пры цэлым шэрагу злаякасных пухлін немагчымыя без прымянення пазітронна-эмісійнай тамаграфіі, паколькі выкананне такога даследавання дазваляе забяспечыць выбар і карэкцыю адэкватнага лячэння для кожнага пацыента.
Цыклатрон-радыёхімічная лабараторыя ПЭТ-цэнтра абсталявана паскаральнікам (цыклатронам), які прызначаны для вытворчасці айчынных радыефармпрэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца ў радыеізатопнай дыягностыцы пухлін ад 2 мм у дыяметры і вызначэнні іх жыццяздольнасці.
Адкрыццё 7 кастрычніка 2015 г. Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі (ПЭТ-цэнтр) адбылося з удзелам Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі. Прэзідэнт азнаёміўся з работай Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенеза і сустрэўся з удзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі "Новыя тэхналогіі ў медыцыне". А.Г. Лукашэнка адзначыў, што ў краіне неабходна працягнуць укараненне прынцыпова новых падыходаў да дыягностыкі і лячэння злаякасных захворванняў.
На працягу апошніх пяці гадоў у цэнтры назіраецца павелічэнне колькасці пацыентаў і, адпаведна, выкананых у іх аперацый. Павялічваецца доля высокатэхналагічных і складаных аперацый, якія выконваюцца ўрачамі вышэйшай, першай катэгорыі, што прайшлі навучанне ў анкалагічных клініках і цэнтрах іншых краін.